Let’s travel together.

«Мазаікі – адна з самых эмансіпаторных сфер у савецкім мастацтве». Гутарка з даследніцай Антанінай Сцебур

Даволі часта можна пачуць меркаванне, што мастацтва савецкага перыяду захоўваць не варта, асабліва, калі на выявах ёсць пэўныя сімвалы эпохі. Па такой логіцы першае, што трапляе ў чаргу на знішчэнне – мазаікі. А яны і без прывязкі да ідэалогіі знішчаюцца, проста як штосьці “невартае”. Напрыклад, у лістападзе ў Бабруйску знеслі адзін з фабрычных будынкаў, а разам з ім сышло ў нябыт цікавае пано. Так ці варта нам імкнуцца заховаць мазаікі? Размаўляем з Антанінай Сцебур, магістаркай сацыялогіі, куратаркай і даследніцай, аўтаркай публікацый пра сучаснае мастацтва.

Антаніна СцебурАнтаніна, вы як даледніца займаліся тэмай беларускіх мазаік савецкага перыяду? Ці вам цікавая гэтая тэма?

– Так, мяне вельмі цікавіць тэма савецкіх мазаік і савецкага мадэрнізму ў архітэктуры. Я шмат разоў жартавала пра тое, што ўсе хочуць знайсці ў нашых гарадах рэшткі таго, што называецца старым горадам. І сапраўды, знакамітае ўсходнееўрапейскае барока з’яўляецца часткай нашага культурнага кода. І гэтую архітэктуру і мастацтва нескладана пабяліць. Але разам з тым, вялікая частка нашых гарадоў – гэта свецкі мадэрнізм. І яго важна асэнсоўваць, хоць, зразумела, няпроста палюбіць, таму што ён з’яўляецца часткай нашага траўматычнага кантэксту.

У 2019-2020 годзе я са сваёй каляжанкай Ганнай Самарскай здзейсніла серыю падарожжаў па Беларусі, каб убачыць савецкія мазаікі і вітражы. Гэта былі цудоўныя і ў той жа час засмучальныя падарожжы. Часам мы проста не паспявалі даехаць да нейкіх будынкаў. Напрыклад, да гомельская гасцініцы “Полет”, дзе былі цудоўныя савецкія вітражы, якія мы ўжо не паспелі ўбачыць, паколькі будынак быў выкуплены прыватным гаспадаром і знаходзіўся ў стане рамонту. Вядома, вітражы і мазаікі ў такіх выпадках знішчаюцца ў першую чаргу.

 

Для чаго захоўваць мазаікі / сграфіта перыяду БССР? Нядаўна мы чулі выказванне аднаго беларускага культурнага дзеяча, што гэта, цытую з ужываннем эўфемізма – “узбуджэнне на савок”.

 

– Вядома, я лічу што мазаікі, сграфіта, вітражы перыяду БССР проста неабходна захоўваць. Па-першае, таму што гэта важная частка культуры. Падчас савецкай улады мастацтва стваралася пад вялікай цэнзурай. У 1930-я гады выйшаў дэкрэт, які забараняў любыя стылі і напрамкі выяўленчага мастацтва акрамя сацрэалізма. То-бок, любыя інавацыйныя і авангардныя мастацкія практыкі былі забароненыя. Але, нягледзячы на гэта, заставаліся асобныя зоны ўнутры мастацтва, якія цэнзураваліся меней, чым іншыя. Зоны адноснай свабоды, дзе мастакі_чкі маглі эксперыментаваць, пераадольваць жорсткі дыктат сацыялістычнага рэалізму. Мазаіка – была адной з такіх сфер. Тут мастакі_чкі маглі даць больш волі свайму ўяўленню, адкінуць частку рэалістычнага канону.

Таму мазаікі – гэта адна з самых эмансіпаторных сфер у савецкім мастацтве. Цікава вывучаць, як мастакі_чкі выкарыстоўвалі гэтыя зоны адноснай свабоды, якія тэмы ўздымалі, якімі сродкамі і выяўленчай мовай карысталіся. Гэта значыць, гісторыю беларускай мазаікі савецкага перыяду можна прачытаць як гісторыю супраціву, нязгоды.

Акрамя таго, мазаікі – гэта дзівосны матэрыял і для гісторыка, і для філосафа. Гледзячы на мазаікі рознага перыяду, мы можам убачыць, якія тэмы хвалявалі людзей. Напрыклад, познесавецкія мазаікі былі вельмі афектаваныя касмічнай тэмай і былі ўпісаныя ў мадэрнісцкую архітэктуру, якая таксама была інспіраваная палётамі чалавека ў космас. Яна задавала зусім іншую оптыку гледжання.

Гэта вельмі добра відаць на прыкладзе раёнаў, і нават цэлых гарадоў, якія былі пабудаваныя ў 60-80-х гадах, як Салігорск або Наваполацк. Многія такія архітэктурныя ансамблі – дамы, што збіраюцца ў форме літар СССР або ў форме матыля. Задумку аўтараў можна ўбачыць толькі зверху, і візуальна ідэя счытваецца толькі, калі вы падлятаеце да горада на самалёце або зоркалёце. Задаецца іншая оптыка глядзення, яны былі створаны для нейкіх утапічных людзей будучыні. І велізарныя мазаічныя пано таксама шлі з імі ва ўнісон у гэтым. З пункту гледжання візуальнага антраполага – гэта вельмі цікавы матэрыял.

Але самае галоўнае, савецкія мазаікі – гэта важная частка нашага мінулага, хочам гэтага ці не. Гэты комплекс мастацкіх прац можна назваць нязручнай спадчынай. У фразе, якую вам сказалі – “узбуджэньне на савок”, гэта вельмі добра відаць.

Гэта спадчына дагэтуль нас чапляе, выкрывае нейкія траўмы. Але, на жаль, у нас не атрымаецца пазбегнуць рэфлексіі і сур’ёзнай працы над гэтай спадчынай. Гэта частка нашай гісторыі, з якой нам цяпер вельмі складана працаваць, у першую чаргу, таму што ў нас няма дастатковай дыстанцыі ў адносінах да яго, а таксама праз нашую эмацыйную ўцягнутасць – няважна з якімі адценнямі гэтыя эмоцыі.

Бо, у дачыненні да савецкай спадчыны ёсць дзьве эмацыйныя рэакцыі: адкінуць яе як непрыемнае, звязанае з рэпрэсіямі, так і роўна зваротная – рэакцыя настальгіі і захаплення, тыпу фразы “тады марозіва было смачней, а людзі адухоўлены”. Абедзве гэтыя пазіцыі – шлях у нікуды. Нам трэба дарослае, уважлівае асэнсаванне нашай гісторыі. А мазаікі – важная частка не толькі гісторыі мастацтва, але і гісторыі наогул.

 

Як нам пераасэнсаваць мазаікі, каб данесці, у прыватнасьці да бабруйцаў, што гэта таксама мастацтва?

– Я веру ў доўгую, калектыўную працу. Немагчыма зрабіць адзін праект па пераасэнсаванні мазаік і спадзявацца на тое, што такім чынам усё вырашыцца. Важна пісаць артыкулы, рабіць даследаванні, дакументаваць мазаіку, якая засталася, таму што яна знікае вельмі хутка – будынкі перабудоўваюцца, пераходзяць ад аднаго ўласніка да іншага і мазаікі проста знішчаюцца. Таму тое, што вы робіце – гэта вельмі важны праект. Увогуле, важна казаць пра беларускія мазаікі савецкага перыяду комплексна. Гэта складаная і нязручная праца, але яна вельмі важная. Я веру, што асэнсаванне мазаікі можа быць толькі комплекснае, тут важнае злучэнне мастацтвазнаўчага, гістарычнага, паліталагічнага і іншых дыскурсаў.

Антаніна Сцебур

 

Ці ведаеце вы прыклад, калі ўдалося пераасэнсаваць мастацтва, якое ў многіх выклікае адмоўныя асацыяцыі, у штосьці стваральнае – у Беларусі і ва ўсім свеце?

– Любая культура мае так званую нязручную спадчыну, то-бок тую, пра якую непрыемна або складана казаць. Калі ўспамінаць, як пераасэнсоўвалася савецкая спадчына, то тут можна прыгадаць выдатную працу ўкраінскіх калегаў, якія вывучалі савецкую мазаіку і выдалі кнігу, з гэтым звязаную. У Грузіі, дзе таксама існуе савецкая мадэрнісцкая спадчына, таксама былі даследаванні і кнігі пра савецкую архітэктуру і мазаіку. У гэтым сэнсе, працэс пераасэнсаванне складанага, непрыемна, супярэчлівага і часта хваравітага савецкага мінулага ў розных краінах працягваецца.

Мне вельмі падабаецца тое, як з нязручным мастацтвам і спадчынай працуе Берлін. Калі задумацца, Берлін – гэта горад, па якім, што называецца, гісторыя прайшлася катком і некалькі разоў. І мне падабаецца, як яны пераасэнсоўваюць сацыялістычную частку свайго горада. Яны не спрабуюць яе “вычысціць”, сцерці – зрабіць выгляд, што яе не было, і не спрабуюць зрабіць з яе турыстычную “клюкву”. Наадварот, яны вельмі акуратна ўбудоўваюць яе ў жыццё сучаснага горада, у архітэктуру.

Пераасэнсоўваць – гэта не значыць ўзводзіць нешта на п’едэстал, ці наадварот, выносіць суровае судзейскае рашэнне аб выключэнні часткі сваёй памяці з жыцця горада толькі таму, што табе непрыемна пра гэта думаць. Пераасэнсаванне мастацтва, гісторыі мастацтва – гэта жывы працэс, які ніколі не можа скончыцца.

А калі падумаць у шырокім ключы, то тая ці іншая частка мастацтва ў розны час можа атрымаць статус нязручнай. Яе захочацца выкрасліць, або да яе будзе страшна звяртацца. Напрыклад, авангарднае мастацтва УНОВИСа або аб’яднання “Прамень” у Беларусі ў савецкі час пасля 1930-х гадоў. Калі мы думаем пра такія нязручныя спадчыны, мы павінны задаваць пытанні, дзе праходзяць лініі напружання і ўлады ў такіх феноменах? Як і чаму фармуюцца лініі выключэння? Як мы можам працаваць з гэтым шэрымі зонамі?

 

Ці бачылі вы бабруйскія мазаікі, як можаце іх ацаніць?

– Мне здаецца, што ў мазаік шмат вымярэнняў вартасці, не толькі мастацкая каштоўнасць, але яе гістарычная значнасць, унікальнасць абранай тэмы, мастацкага рашэння, этычны складнік, ідэалагічная, і нават прапагандысцкая і гэтак далей.

Мы напрыклад, бачым гэтую плакатную прапаганду на прыкладзе мазаікі з Леніным. Гэта даволі плоскі і канвэнцыйны вобраз.

Але разам з тым у Бабруйску ёсць мноства вельмі цікавых мазаік, і важна, што ваш праект спрабуе дакументаваць іх і захаваць.

Напрыклад, мазаіка на будынку лякарні – гэта даволі цікавы прыклад таго, як мастакі спрабавалі ў мазаіцы пераадолець вузкасць сацыялістычнага рэалізму, рассоўвалі яго межы для таго, каб адваяваць невялікія кавалачкі свабоды. Такую працу складана ўявіць сабе ў жывапісу, хутчэй за ўсё яна б падверглася цэнзуры з-за наяўнасці сімвалізму, адсутнасць патэтычнага рэалізму і г. д.