Let’s travel together.

«Вясковыя сюжэты, лірызм, вяртанне да народнага». Гісторык мастацтваў Кацярына Рускевіч – пра асаблівасці беларускай мазаікі

За апошні час у Беларусі быў знішчаны шэраг мазаік савецкага часу, адна з іх, у тым ліку – у Бабруйску, разам з будынкам комплексу футравай фабрыкі. У чым каштоўнасць мазаікі і ўвогуле манументальнага мастацтва СССР? Ці трэба яго захоўваць, ахоўваць і пераасэнсоўваць? У чым асаблівасці беларускага манументальнага жывапісу і як ён мог быць свабодным нават у савецкія часы? Разважаем з гісторыкам мастацтваў Кацярынай Рускевіч.

Кацярына Рускевіч, гісторык мастацтваў. Фота: Кацярына Рускевіч/Facebook

«Нельга сказаць, што кожная мазаіка была ідэалагічна вытрыманая»

– Кацярына, распавядзіце, калі ласка, калі ў Беларусі стала папулярнай мазаіка? Які перыяд можна лічыць часам яе росквіту?

– Росквіт манументальнага жывапісу, да якога і адносіцца мазаіка, пачаўся ў 1960-я гады. Тады архітэктура мадэрнізму дала неабходную прастору для гэтага. Плоскія аб’ёмы, вялікія франтоны, унутраная плошча, суцэльнае счапленне спрыялі мазаікам, сграфіта, вітражам. Манументальнае мастацтва станавілася часткай архітэктуры. Шмат хто спрабаваў у той час ахарактарызаваць яго як сінтэз жывапісу і архітэктуры. Такім чынам, можна сказаць, што мазаіка, сграфіта і ўсё, што адносіцца да манументальнага жывапісу – частка архітэктурнай прасторы.

– Якую каштоўнасць савецкае манументальнае мастацтва мае сёння, у трэцім дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя?

– Давайце адштурхоўвацца ад каштоўнасці архітэктурнага ансамблю. Тыя ж мазаікі ствараліся не на пустым месцы, а абавязкова ўваходзілі ў архітэктурны ансамбль. Напрыклад, у Бабруйску немагчыма ўявіць сабе дзевяціпавярховікі на Мінскай вуліцы без мазаік – усё разам складае архітэктурнае цэлае, і ў гэтым каштоўнасць.

Акрамя таго, гэта прыкмета часу. Так, да манументальнага жывапісу можна ставіцца як да вытворнага ад савецкага, таму што замоўцам заўжды была дзяржава. Але гэта не значыла, што кожная мазаіка была ідэалагічна вытрыманая – на ёй зусім не абавязкова павінны былі быць правадыры ці праслаўленне Савецкага саюза. Напрыклад, бабруйская мазаіка Сямёна Абрамава на лякарні ім.У.Марзона – мне падаецца, савецкага там вельмі мала, а хутчэй ёсць адсылкі да працаў 1920-х гадоў. Увогуле, у пэўны момант беларускае манументальнае мастацтва набыла ўласныя ўнікальныя рысы.

мазаіка, лякарня ім.У.Марзона
Мазаіка на лякарні ім.У.Марзона ў Бабруйску. Аўтар – Сямён Абрамаў. Фота: 1387.by

«Беларускае манументальнае мастацтва – гэта энкаустыка»

– У чым выяўляліся гэтыя ўнікальныя рысы беларускага манументальнага мастацтва?

– Яшчэ ў 1960-я гады манументальны жывапіс па ўсёй савецкай прасторы быў падобным – аднолькавыя сюжэты, манера выканання, лаканічная лапідарная падача. З 1970-х гадоў пачынаюць фармавацца лакальныя школы. І калі казаць пра Беларусь, то тут найперш пачала развівацца энкаустыка. Цудоўныя прыклады ў гэтай тэхніцы – працы Зоі Літвінавай і Святланы Катковай, крыху пазней, у 1980-х – Валера Даўгалы, Анатоля Яскіна.

У пэўны момант у Беларусі сфармавалася добрая школа мастакоў, у якіх атрымалася без ціску зверху рабіць тое, што ім было цікава. Таксама была магчымасць камунікацыі з украінскімі і літоўскімі творцамі. Быў заўважны ўплыў львоўскай школы. Калі ў Беларусі адкрывалася кафедра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пры якой узнікла аддзяленне манументальнага жывапісу, прыехала шмат добрых выкладчыкаў у тым ліку з Львоўскага інстытута, дзе былі вельмі добрыя керамісты. Нашыя мастакі ездзілі туды на практыку. Акрамя таго, камунікавалі з балтыйскімі рэспублікамі, маглі бачыць працы мастакоў адтуль. Такі ўплыў фармаваў свае асаблівасці.

Энкаустыка «Юнацтва» у Палацы культуры даламітавага завода ў горадзе Руба Віцебскай вобласці. Аўтары – В.Даўгала і А.Яскін. Фота: 34travel.me

 

Беларускае манументальнае мастацтва – гэта энкаўстыка. І тут можна казаць пра вяртанне да народных традыцыяў у вобразах, якія выкарыстоўвалі, і формах, з якімі працавалі. У гэты час праводзілася шмат этнаграфічных экспедыцыяў па Саюзе, каб адшукаць народных мастакоў і пачаць з імі працаваць.

У мастакоў з’явілася магчымасць рабіць гэтыя вялізныя працы і добра за іх атрымліваць. Бо дзяржаўны мастацкі фонд даваў майстэрні, патрэбныя матэрыялы і замовы. Іншы момант, што не заўсёды гэтыя замовы размяркоўваліся карэктна – большую частку добрых замоваў атрымлівалі статусныя мастакі, а маладым прыходзілася чакаць сваёй чаргі.

«Ідэалогія і літы вітраж: матэрыя перамагла форму»

– Што яшчэ, акрамя энкаўстыкі, было характэрна для беларускага манументальнага мастацтва?

– Манументальнае мастацтва ўвогуле было полем для эксперыментаў. Кожная савецкая рэспубліка мусіла мець сваю спецыялізацыю і даваць нейкія новыя формы.

Для Беларусі быў характэрны таксама літы вітраж. Паколькі на шклозаводзе «Нёман» былі адпаведныя магутнасці для вытворчасці патрэбнай палітры і шклоблокаў, практычна ўвесь літы вітраж, які быў на савецкай прасторы, быў беларускі. Файныя прыклады літога вітража – творы Нэлі Шчаснай, Ірыны Кузняцовай і Барыса Кузьмічова – мастака з Віцебска.

Манументальны жывапіс быў досыць свабодным. Гэта была прастора, дзе можна было рабіць незвычайныя і па-свойму ўнікальныя рэчы. Ну бо ты не накладзеш на керамічнае пано нейкія ідэалагічныя рамкі. На сюжэт – можна, а вось з матэрыялам будзе складаней. І наўрад ці літы вітраж будзе выяўляць Леніна, а калі раптам, гэта будзе цікава і ў духу сваёй эпохі.

Літы вітраж «Космас». Аўтарка – Нэлі Шчасная. Фота: 34travel.me

 

– Чаму літы вітраж не можа выяўляць Леніна?

– Калі вы паглядзіце, як выглядае літы вітраж, то ўбачыце, што там у прынцыпе цяжка ўявіць нейкую канкрэтную кампазіцыю. Гэта вялікія шкляныя блокі, з якімі працуюць, як са скульптурнай формай. Паглядзіце, напрыклад, што рабілі літоўскія вітражысты Альгімантас Стошкус і Казімір Маркунас – у іхных працах ідэалагічнага няма амаль нічога, яны працавалі ў агульным сусветны трэндзе кінетычных кампазіцыяў. То бок, ідэалогія і літы вітраж слабасумяшчальныя праз уласцівасці матэрыяла і працы з ім.

У 60-х гадах з’явіўся сімвал бусла, які ляціць

– З матэрыяламі зразумела. А якія матывы ўласцівыя беларускаму манументальнаму жывапісу?

– Залежыць ад часу. У 1960-х стаў з’яўляцца сімвал бусла, які ляціць, з якім у нас цяпер асацыюецца Беларусь. Потым папулярнымі сталі вясковыя матывы, гонкія дзяўчыны, лірызм, рамантыка. У працах тых часоў адчуваецца ўплыў Адраджэння і нацыянальнай гісторыі, вяртанне да народнага.

На жаль, была закрытая энкаустыка Літвінавай і Катковай у Доме культуры чыгуначнікаў – як раз там было выяўленае вясковае свята Купалле. Каткова зрабіла энкаустыку ў аграрным каледжы ў Слуцку, таксама прысвечаную Купаллю – там выяўленыя жанчыны ў намітках і нацыянальных касцюмах.

Энкаустыка «Мая Радзіма», 1978 год. Палац культуры чыгуначнікаў у Менску. Аўтаркі – Зоя Літвінава і Святлана Каткова. Фота: Belarusian Soviet Monumantal Art/Facebook

 

Кожную працу трэба разглядаць у кантэксце таго, як яна стваралася, хто яе замаўляў, ці гэта не прахадная праца дзеля ганарара ці паказальна-рэпрэзентатыўная, бо яны як раз звычайна з вельмі простымі кампазіцыямі, там больш ідэалогіі. Ну і усё залежала ад уласнай манеры мастака. Напрыклад, мазаіка на станцыі метро «Кастрычніцкая» у Менску аўтарства мастак з Масквы Андрэя Кузняцова. Сюжэт – гісторыя Беларусі. Мастак спрабаваў паказаць гераічныя моманты, таму там будзе і рэвалюцыя, і вайна, і савецкія лозунгі. Але я б таксама не сказала, што там шмат ідэалогіі.

Цікавыя працы, у якіх адчуваецца ўплыў мастакоў-манументалістаў з іншых краінаў. Напрыклад, калі мы паглядзім на працы Аляксандра Кішчанкі, то ўбачым савецкія сюжэты, але манера выканання адсылае нас да мексіканскіх манументалістаў. Адам Глобус распавядаў, што калі Кішчанка зрабіў мазаічнае пано «Партызаны» на гасцініцы «Турыст» у Менску, яму прама сказалі: «Што за мексіканскія твары, якія яны маюць дачыненне да беларускага народа?». Аднак мастак Аляксандр Дэйнэка мазаіку ўхваліў.

Мазаіка «Беларусь Партызанская», 1973 год, рэстаран гасцініцы «Турыст» у Менску. Аўтар – Аляксандр Кішчанка. Фота: the-village.me

«Я б на ўсе беларускія мазаікі павесіла шыльду «гісторыка-культурная каштоўнасць»

– Кацярына, што нам сёння рабіць з савецкімі мазаікамі і ўвогуле з манументальным жывапісам? Ці трэба іх абавязкова захоўваць, нават тыя творы, якія маюць выразны ідэалагічны змест? Ці патрэбны розны падыход у залежнасці ад сюжэта?

– Я б на ўсе разам павесіла б шыльду «гісторыка-культурная каштоўнасць». Бо гэта эпоха, гісторыя. І калі мы будзем гэтую гісторыю знішчаць, яна ж не знікне. У першую чаргу мазаікі і манументальны жывапіс агулам трэба разглядаць не як вытворчую ад ідэалогіі савецкай дзяржавы, а як мастацкую з’яву свайго часу.

Мы ж не можам зруйнаваць творы Іосіфа Лангбарда, напрыклад, Дом ураду ў Менску. Мы ў першую чаргу разглядаем яго як помнік архітэктуры ў незалежнасці ад таго, хто там некалі сядзеў. І помнік Леніну насупраць стварае разам з будынкам адзіны архітэктурны ансамбль, і прыбраць яго было б дзіўным. Мы не можам адмаўляць гісторыю, з ёй трэба працаваць.

Мазаіка на сцяне будынку футравай фабрыкі ў Бабруйску. У лістападзе 2022 года будынак быў зруйнаваны, разам з ім была знішчаная мазаіка. Фота: 1387.by

 

– То бок, вы лічыце, што нават цалкам сабе савецкія выявы, таго ж Леніна, могуць сёння гарманічна глядзецца на вуліцах беларускіх гарадоў?

– Выявы Леніна – так. Сталіна – не. Але возьмем, напрыклад, Грузію. Тут у Горы ёсць музей Сталіна, праспект Сталіна, плошча Сталіна. І я не заўважыла, каб ішла гаворка пра пераназванне ці каб увогуле прыбраць гэты музей. Замест гэтага – спробы працаваць і з такой спадчынай. Ці Рэйхстаг у Берліне – не зносяць жа. І помнікі Марксу і Энгельсу там у Нямеччыне стаяць. І савецкую спадчыну мадэрнізму, тыя ж мазаікі, вітражы там ахоўваюць, аднаўляюць і наадварот да гэтага з’яўляецца цікаўнасць. Хоць, зразумела, што апошні год рэзка ўсё адкінуў назад…

Аднак, хачу заўважыць, што ўкраінскія мастацтвазнаўцы вельмі абураныя тым, што расейцы бамбяць гарады і знішчаюць цудоўныя прыклады савецкага манументальнага жывапісу ва Украіне. Напрыклад, адмыслоўцам вельмі шкада зруйнаваную марыупальскую мазаіку ўкраінскай дысідэнткі Алы Горскай. Бо там пасля першай хвалі дэсаветызацыі паднялася адваротная – разумення, што савецкую спадчыну можна пераасэнсоўваць і зусім неабавязкова ўсё знішчаць.

«Манументальны жывапіс – гэта дорага»

– Як можна сёння пераасэнсаваць савецкае мастацтва?

– Не бачыць у гэтым нешта выключна савецкае, а мастацтва часу. Разумець, што манументальнае мастацтва было магчымым у Савецкім саюзе, таму што стварэнне мазаікі, увогуле вялікага манументальнага аб’екта – гэта дарагая замова. У Савецкім саюзе на гэта закладаліся грошы, і мастакі мелі магчымасць рабіць такія працы.

Кацярына Рускевіч, гісторык мастацтваў. Фота: асабісты архіў Кацярыны Рускевіч

 

– Ці было манументальнае мастацтва, у тым ліку, мазаікі, распаўсюджаныя яшчэ недзе, акрамя краінаў сацлагеру?

– Так, кропкава яно было паўсюль. Напрыклад, у Лацінскай Амерыцы, у Мексіцы. Вядомая мексіканская манументальная школа, іх мазаікі, рэльефы. Яшчэ Францыя і Фернан Лежэ. Ці вітражы Шагала ў будынку ААН, роспісы «Метрапалітэн-оперы» у Нью-Йорку, у Парыжскай оперы.

– Чаму сёння мы амаль не бачым новых прыкладаў манументальнага мастацтва?

– Бо дорага. І праца, і матэрыялы. Сёння манументальны жывапіс выкарыстоўваецца ў царкоўным асяроддзі. Дарэчы, шмат якія беларускія манументалісты напрыканцы 1990-х гадоў сышлі працаваць у цэрквы.

Цяпер манументальнае мастацтва можна сустрэць за мяжой у метрапалітэне. Напрыклад, у метро ў Неапалі, Нью-Йорку цудоўныя мазаікі. Шмат новых станцыяў маскоўскага метрапалітэну робяцца з манументальным жывапісам.

Вітраж «Вакно свету» у прыёмнай залі паседжанняў будынку Генеральнай асамблеі ААН. Аўтар – Марк Шагал. Фота: kulturologia.ru

 

У Беларусі мастак Уладзімір Крываблоцкі адносна нядаўна вырабіў вітраж для новага будынку Вярхоўнага суда ў Менску.

«Мы заўважаем манументальнае мастацтва, калі яго губляем»

– Якія беларускія мазаікі вы лічыце самымі каштоўнымі?

– Мне вельмі падабаюцца пад’езды ў Наваполацку з мазаікамі са смальты і вельмі цікавымі сюжэтамі. На жаль, яны асыпаюцца, і пры бліжэйшым рамонце мы рызыкуем іх згубіць. Кінатэатр «Космас» у Наваполацку. Наваполацк у прынцыпе – запаведнік манументальнага жывапісу.

Цікавае пано Барыса Мелюкова «Муза» у ДК камвольнага камбіната ў Баранавічах. Яшчэ літы вітраж «Дрэва паэзіі» Барыса Кузняцова ў абласной бібліятэцы ў Віцебску.

Мне падабаюцца таксама пано ў Палацы творчасці моладзі ў Берасці. Вялізная мазаіка на заводзе «Дыяпраектар» у Рагачове – ідэалагічнага ў ёй няма нічога, акрамя замоўцы. У Мазыры цікавае пано Тамары Кіршанай і Аляксандра Кішчанкі ў ДК нафтаперапрацоўчага заводу.

Завод «Дыяпраектар» у Рагачове. Фота: 34travel.me

 

Напэўна, у невялікіх гарадах могуць быць цікавыя прыклады манументальнага мастацтва, а мы пра іх не ведаем. Дарэчы, цяпер ёсць людзі, якія спрабуюць зрабіць з манументальнага жывапісу турыстычную атракцыю. Яны наносяць гэтыя аб’екты на мапы, распавядаюць дзе яны знаходзяцца, чым адметныя, як да іх даехаць.

Мазаіка на пад’ездзе ў Наваполацку. Фота: 34travel.me

 

– Ці можна такім чынам сказаць, што цікавасць да беларускага манументальнага жывапісу расце?

– Гэтая цікавасць развіваецца. І дарэчы, найбольш людзі звяртаюць увагу на манументальнае мастацтва, калі нешта знікае – мазаіка, пано, вітраж. Звычайна мы і не бачым гэтых твораў, а калі яны знікаюць, разумеем, што ў ансамблі нечага не хапае, што гарадскі пейзаж стаў бедным, а мы атрымалі чарговую шэрую сцяну.

Магчыма, ідзе пераацэнка каштоўнасцяў. Бо каб мы сталі ўспрымаць нешта як каштоўнае, павінен прайсці час. Тыя ж будынкі мадэрнізму мы доўга ўспрымалі як нецікавыя бетонныя каробкі, а цяпер бачым у іх прыгажосць, арыгінальныя архітэктурныя рашэнні. Тое самае і з манументальным жывапісам.