Let’s travel together.

«Пачала рабіць фота мазаік на ўзроўні інтуіцыі». Гутарка з фотамастачкай-вандроўніцай Янай Корбаль

Пару год таму ў СМІ разышліся фотакалажы Яны Корбаль, дзе былі спалучаныя фота мазаік з Бабруйска і Віцебска з беларускай прыродай. Нечакана для самой мастачкі, яны «зайшлі» і заахвоцілі яшчэ раз прыгледзецца да манументальных прац на гарадскіх сценах. А вось тыя, хто захацеў пазнаёміцца з творчасцю мастачкі бліжэй, заўважылі – захапленне мазаікамі ў яе ўзнікла даўно. Больш за тое, Яна фатаграфуе іх не толькі ў Беларусі, а паўсюль, дзе бывае. У скарбонцы вандроўніцы безліч падарожжаў, многія з іх – аўтаспынам.

   
Усе фота і калажы з асабістага архіву Яны Корбаль

 

Яна, раскажыце крыху пра сябе, як вы прыйшлі ў мастацтва?

– Мне заўсёды цяжка распавядаць пра сябе. Напэўна, я вандроўніца па свеце, што заўсёды знаходзіцца ў пошуках сэнсу і прыгожасці наваколля. Люблю заўважаць, як жыццё выяўляецца праз розныя формы, колеры, матэрыі, быццам размаўляе са мною.

Хутчэй за ўсё, не я прыйшла ў мастацтва, а яно прыйшло да мяне, калі я была падрыхтаваная з ім сустрэцца, адкрываць яго. Для мяне гэта цэлы шлях і светапогляд, гэта тое, як ты ўсё ўспрымаеш і інтэрпрэтуеш, цэлы ўнутраны сусвет.

 

 

У ранейшых інтэрв’ю вы казалі, што маеце сувязь з Бабруйскам?

– Я сама асіпаўчанка, але нарадзілася ў Бабруйску. Такім чынам, можна сказаць, што мой жыццёвы шлях пачаўся менавіта ў гэтым горадзе.

 

Чым вы займаецеся сёння, у асноўным гэта фота?

– Зараз свет маіх захапленняў пашырыўся, да фотаздымкаў далучыўся графічны дызайн, таксама бывае, час ад часу малюю што-небудзь у абстрактным стылі. Супыняцца на гэтым не збіраюся, ёсць яшчэ шмат цікавага, ніколі не ведаеш, у які напрамак захочацца пайсці.

 

 

Калі вы зразумелі, што вам падабаюцца мазаікі і хочацца іх фатаграфаваць?

– Ужо даўно я пачала заўважаць цікавыя будынкі і мазаікі ў розных постсавецкіх краінах і гарадах. Спачатку гэта былі Мінск, Кіеў, Масква, Санкт-Пецярбург, Кішынёў. У той час я яшчэ не ведала, што гэта за тэндэнцыя і як яна называецца, але ўжо тады на ўзроўні інтуіцыі пачала рабіць фотаздымкі. З цягам часу я сустрэла людзей па інтарэсах, якія мне ўсё растлумачылі і пачалі занурваць у свет культуры савецкага мадэрнізму. Калі больш ведаеш – хочацца даведвацца яшчэ і яшчэ, так усе і пачалося.

 

Чаму лічыце, што мазаікі вартыя захавання, нават калі яны савецкія?

– Я ўпэўнена, што мазаікі – гэта неад’емная частка культуры нашай краіны. Амаль у кожнай з іх ёсць не толькі ўнікальны знешні выгляд, але і свая гісторыя, ідэя, падтэкст, што адлюстроўваюць лад жыцця чалавека таго часу.

 

 

Як нарадзілася ідэя зрабіць фотакалажы, ці чакалі вы, што на гэтыя працы будзе столькі водгукаў?

– Аднойчы мы з маім сябрам Васем паехалі аўтаспынам наведаць Бабруйск. Вядома, у спісе планаў было апынуцца на вуліцы Мінскай, дзе нас ужо чакалі цудоўныя мазаікі. Была зіма, усё навокал выглядала такім шэрым і непрыкметным, што вельмі хутка ў мяне з’явілася жаданне дабавіць крыху жыцця і колеру: змяніць фон сумных будынкаў на прыгожую беларускую прыроду, з’яднаць мазаікі з наваколлем і прадметамі інтэр’еру. Мне сапраўды было цікава, што з гэтага атрымаецца. Водгукаў ад гэтых калажоў я не чакала, але яны мне самой вельмі спадабаліся, і гэтага было ўжо больш, чым дастаткова. А вось калі я ўбачыла, што некаторыя людзі сапраўды зацікаўленыя, стала вельмі прыемна, і я зразумела, што можна працягваць ствараць працы ў такім стылі.

 

Ці трэба больш актыўна пераасэнсоўваць мазаікі, ствараць з іх штосьці новае? І для чаго?

– Я лічу, што трэба пераасэнсоўваць усё на гэтым свеце, і мазаікі тут не выключэнне, а ствараць нешта новае проста неабходна для руху чалавецтва наперад. Сама па сабе мазаіка – нешта асаблівае і ўнікальнае, яна стала адным з рэдкіх інструментаў упрыгожвання горада. Па ёй лёгка прасачыць эвалюцыю ідэалогіі, разглядзець элементы штодзённасці і нават зразумець, пра што думалі і марылі ў тую эпоху.

Знішчыць – заўсёды самае простае, што можна зрабіць, а вось дадаць у кампазіцыю і гісторыю новыя элементы – сапраўдная праца.

 

 

Як ставіцеся да навін, што ў Беларусі знішчаюцца мазаікі? У Бабруйску, напрыклад, нядаўна знеслі будынак з мазаікай.

– Адназначна стаўлюся дрэнна да такіх навін. Бачу, што людзі адрэагавалі па-рознаму. Нехта радуецца, кажучы, што добра, калі адным Леніным менш. Але я лічу, што, акрамя Леніна, трэба паглядзець крыху глыбей і заўважыць іншыя старонкі і сюжэты. Зноў жа, іх магчыма трактаваць, як захочацца. Як я ўжо казала, замест старога трэба прапанаваць нешта новае, а не проста знішчаць, тады і будзем будаваць прастору. Такая і будзе будучыня.

 

 

Вы шмат вандруеце, як у іншых краінах ставяцца да мазаік, ці берагуць іх?

– У кожнай краіне па-рознаму. Магу сказаць, што ў Грузіі і Арменіі амаль што ўсё дагэтуль на сваіх месцах. Некаторыя будынкі перапрацавалі ў нешта новае, напрыклад, будынак міністэрства аўтамабільных дарог Грузінскай ССР зараз функцыянуе як будынак галоўнага офіса Банка Грузіі. А вось калі браць Украіну, то там наадварот. Усе мы ведаем пра палітыку дэкамунізацыі, але цяперашняя моладзь змагаецца за кожны аб’ект. Якраз у момант, калі я вандравала па Украіне, хацелі знесці будынак «Кветкі Украіны», але ў той жа дзень актывістам удалося прыпыніць дэмантаж. Цяпер «Кветкі» афіцыйна зʼяўляюцца помнікам архітэктуры, манументальнага мастацтва мясцовага значэння, яго нельга разбурыць або перабудаваць. Таму я лічу, што за мазаікі трэба змагацца, і перамога магчымая.

 

 

Ці ёсць будучыня ў мазаікі, ці ствараюцца новыя мазаікі хоць дзе? Бо ў Беларусі я новых штосьці не магу прыгадаць.

– Ці ёсць у мазаікі будучыня, залежыць толькі ад нас і як мы будзем на гэта ўплываць. Усё ў нашых руках. Але я лічу, што такое ўнікальнае мастацтва з часам павінна толькі набіраць папулярнасць, расквітнець, толькі тады нашае наваколле будзе настолькі прыгожым, наколькі яно можа быць.

Шчыра кажучы, пра новыя мазаікі нічога не ведаю і нават не памятаю, што недзе іх сустракала. Але спадзяюся, што ўсё яшчэ магчыма!