Мастацтвазнаўца Лена Прэнц: «Досыць знішчаць савецкія мазаікі!»
У чым сёння актуальнасць сацыялістычнага манументальнага мастацтва? Што з ім робяць у краінах былога СССР і сацыялістычнага блоку? Чаму і як у Нямеччыне ад руйнавання спадчыны ГДР прыйшлі да разумення важнасці яе інтэрпрэтацыі і захавання, у тым ліку – мазаік? Як мы можам сёння пераасэнсоўваць беларускія мазаікі? Пра гэта мы пагутарылі з беларускай мастацтвазнаўцай, суаўтаркай гіда па грузінскай мазаіцы Ленай Прэнц, якая цяпер жыве і працуе ў Берліне.
«Да даследавання сацыялістычнай архітэктурнай спадчыны штуршок дала Нямеччына»
– Лена, падчас працы над нашым «Віртуальным музеем мазаікі», размоваў з экспертамі, мы зразумелі, што апошнім часам значна вырасла цікаўнасць да савецкай мазаікі. На ваш погляд, ці гэта так і з чым звязана?
– Цікаўнасць узнікла наогул да архітэктуры савецкага і сацыялістычнага мадэрнізму, а мазаіка – яго частка. Манументальнае мастацтва найчасцей немагчыма разглядаць у адрыве ад будынкаў той эпохі, яно злівалася з самой архітэктурай, і адно без іншага не мела сэнсу.
У Нямеччыне пасля аб’яднання ГДР і ФРГ спачатку паднялася беспрэцэдэнтная хваля руйнавання мадэрнісцкай архітэктуры ГДР. Разам з будынкамі знішчалася і манументальнае мастацтва, вітражы, мазаікі, малыя архітэктурныя формы.
Але ўжо напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў пачалі з’яўляцца ініцыятывы мастакоў, архітэктараў, актывістаў, якія ладзілі выставы, пратэсныя акцыі супраць знішчэння архітэктуры і за адэкватную ацэнку яе каштоўнасці. Манументальная інсталяцыя Ларса Рамберга «Сумненне» над берлінскім Палацам рэспублікі, у якім перад яго зносам адбыліся шматлікія выставы-пратэсты, выяўляла дух і дыскурс таго часу.
І чым часцей і масіўней у былых савецкіх рэспубліках і сацыялістычных краінах руйнавалі сацыялістычную мадэрнісцкую спадчыну ў архітэктуры і мастацтве, тым болей мастацкіх праектаў, даследаванняў і акцыяў пратэста з’яўлялася. Напрыклад, у Вільні адбыліся акцыі пратэстаў супраць знішчэння кінатэатру «Lietuva» і прыватызацыі публічнай прасторы.
Але першым і важным штуршком была, на мой погляд, Нямеччына. Адсюль зыходзіла ініцыятыва шматлікіх міжнародных праектаў і кааперацыяў.
«Мы ж не выкідаем сямейныя альбомы на сметнік, нават калі яны нам не падабаюцца»
– Аднак і сёння ёсць выпадкі зносу савецкіх помнікаў, будынкаў, і часта гэта ўхваляецца як этап дэсаветызацыі, дэкамунізацыі, які імкнуцца прайсці амаль усе былыя савецкія краіны.
– Мы ж не выкідваем сямейныя альбомы, нават калі некаторыя фотаздымкі нам не падабаюцца. Зрэшты, так, ёсць людзі, якія іх выкідаюць, а потым мастакі іх знаходзяць на сметніку і ствараюць цудоўныя праекты са знойдзенага матэрыялу (смяецца – рэд.). Але ў нармальных сем’ях памяць захоўваюць. Калі грамадства разглядаць як вялікую сям’ю і супольнасць, страта гістарычнай памяці адгукаецца вельмі балюча.
– Але гэта памяць пра савецкую, сацыялістычную эпоху, якую шмат хто цяпер наадварот хацеў бы цалкам выкрасліць з гісторыі. Ці насамрэч нам трэба ахоўваць і захоўваць такую памяць?
– Нямецкі мастацтвазнаўца Бацон Брок некалі сказаў – і дарэчы на той час, пачатак 1990-х, гэта быў правакацыйны тэзіс – што няма нацыянал-сацыалістычнага мастацтва, есць мастацтва часу нацыянал-сацыялізму. І гэты час не выпрацаваў свайго ўласнага, асабістага стылю. За кожным творам, тэорыяй, горадабудаўнічай канцэпцыяй стаялі пазычаныя ў папярэдніх эпохах ідэі, якія будуць жыць і далей, калі дасканала і карпатліва не вывучаць асновы кожнай канкрэтнай з’явы.
Нядаўняя выстава Дома гісторыі Аўстрыі «Гітлера на сметнік. З падвала ў музей» ставіла пытанне: што рабіць з рэліктамі нацысцкай пары? Здаць на захаванне ў гістарычны музей? Выкінуць на сметнік? Знішчыць? Прадаць? На прыкладах выстава тлумачыла гледачам, якое рашэнне прымае музей у кожным канкрэтным выпадку і на падставе якіх крытэрыяў. Акрамя таго, яна распавядала пра існае заканадаўства, якое выключае прымяненне і распаўсюджванне нацысцкіх сімвалаў. Я катэгарычна супраць таго, каб праводзіць паралелі паміж савецкім перыядам і часам нацыянал-сацыялізму. Прыклад гэтай выставы я называю таму, што яна паказвае не столькі аб’екты, колькі сам дыскурс пра знішчэнне ці захаванне гістарычных рэліктаў і робіць гэта абгрунтавана і навукова.
Калі мы выносім сваю ацэнку гістарычнай спадчыне, мы сыходзім з розных крытэраў і палёў суджэння. Тут ёсць заключэнне экспертаў – мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў ,палітычная і сацыяльная ацэнка, маральныя вердыкты. Супрацоўнікі гістарычных музеяў разглядаюць асабіста кожны аб’ект кантамінаванай эпохі, ацэньваючы яго вартасць у кантэксце таго часу і розных наратываў гэтай эпохі. З пункту гледжання мастацтвазнаўства і эстэтыкі, датычна манументальнага мастацтва меркаванне ў большасці выпадкаў будзе станоўчым. У асноўным на фасадах будынкаў з’яўляліся працы высокай якасці, выкананыя прафесійнымі мастакамі і ўхваленыя мясцовымі саюзамі мастакоў. Але ёсць яшчэ маральны складнік. І вельмі хацелася б, каб меркаванні і вердыкты палітыкаў і асобаў, якія прымаюць рашэнні ад імя народа, адштурхоўваліся б ад экспертнага меркавання.
«Любы гістарычны помнік архітэктуры – выяўленне ідэалогіі»
– А які маральны складнік у тых жа мазаіках?
– Часта нашая інтэрпрэтацыя залежыць ад уласнага досведу. Я разумею, што людзям, якія пацярпелі ад тэрору ў часы савецкай сістэмы, непрыемна было б выходзіць на вуліцу і бачыць мазаіку з партрэтам Сталіна, Берыі ці Яжова. Але ў Беларусі, напрыклад, такіх не было.
Адна справа – культ асобы, які, я разумею, вельмі праблематычны ў публічнай прасторы. Іншая – выявы дасягненняў у сацыялістычнай працы, палётаў у космас і перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Так, мы часта чуем: «Мазаікі – гэта выяўленне ідэалогіі, і трэба яе знішчыць, каб ісці далей». Але калі карыстацца такім маральным меркаваннем з пазіцыі ахвяраў ці нібыта абароны ахвяраў, які архітэктурны помнік ці выраб манументальнага мастацтва наогул варты захавання? Рымскі Калізей – гісторыя катавання тысячаў рабоў. Хрысціянскія цэрквы і саборы – таксама гісторыя рабоў, крыжовых паходаў, гвалту і прымусу. Любы будынак, помнік архітэктуры, якім бы мы цяпер ні захапляліся – гэта выяўленне чыйсьці ідэалогіі, палітыкі, і нярэдка, крывавых войнаў, трыумфаў, захопаў, экспансіяў. Архітэктуру немагчыма разглядаць у адрыве ад ідэалогіі.
Мазаіка сёння спараджае мноства індывідуальных і абсалютна розных успамінаў. Для аднаго гэта настальгія па цудоўным дзяцінстве, для іншага – устойлівы напамін пра вузкасць светапогляднага гарсэта. Нехта пры разглядзе мазаікі на суседняй вуліцы з непрыемнасцю ўзгадае «стаханаўскую« гонку на працы. А хтосьці хадзіў міма яе штодня ў школу і помніць менавіта гэта. Хтосьці ажаніўся ў будынку, дзе была прыгожая мазаіка. То бок, гэта важнае калектыўнае адчуванне і мазаічны каменьчык калектыўнай памяці. Якімі б ні былі ўспаміны, яны падштурхоўваюць да свядомага сутыкнення з уласнай гісторыяй.
Калі сваю ацэнку пачынаюць даваць палітыкі – у дадзеным выпадку, ці захоўваць савецкую спадчыну ці не – ім важна ўлічыць розныя перспектывы і прыслухацца да ўсіх галасоў. У сілах палітыкаў кіраваць настроямі грамадства, утрымліваць ад іканаклазму ці прапіхваць ідэю разбурэння і падштурхоўваць да яе. Я бачу гэта на прыкладзе аб’яднання дзвюх Нямеччын, якое праходзіла цяжка і застаецца вельмі балючай гісторыяй. Шматлікія палітолагі сыходзяцца ў меркаваннях, што тады вельмі не хапала мадэрацыі і мадэратараў, якія б зблізілі і растлумачылі адну другой абедзве сістэмы.
Ад аднаго парадокса да іншага? Барацьба з празмернасцямі сталінскай архітэктуры і росквіт мазаікі
– Калі і як нарадзілася савецкая, сацыялістычная мазаіка?
– У 1918 годзе з’явіўся так званы «ленінскі план манументальнай прапаганды», які прадпісваў скарыстанне мастацтвам як агітацыйным сродкам. Па часопісе «Архітэктура СССР«, які выдаваўся з 1933 па 1992 гг., любы аматар можа прасачыць, як ішло набліжэнне да савецкіх мазаік у тым выглядзе, які мы яго ведаем, і іх выкарыстання як вонкавай рэкламы. Вось часопіс піша пра тэхніку візантыйскіх мазаік – і яны з’яўляюцца ў маскоўскім метрапалітэне. Апісвае з захапленнем вопыт мексіканскіх муралістаў – некаторыя з іх наведваюць СССР, як да вайны, так і пасля – і дух і кампазіцыі мексіканскага муралізма з’яўляюцца на нашых вуліцах.
У 1955 годзе выйшла пастанова Хрушчова аб барацьбе з празмернасцямі ў праектаванні і будаўніцтве. Працаёмкаму будаўніцтву з калонамі і пілястрамі сталінскага неа-класіцызму прыйшоў канец, пачаўся пераход на прамысловую вытворчасць. Новыя жылыя будынкі з вялізарнымі «голымі« паверхнямі нібыта самі напрошваліся на тое, каб з імі неяк працавалі. У той жа час ішло пашырэнне відаў і серыяў модульных канструкцыяў. Менавіта ў гэты час, з 1960-х гадоў па 1980-я, пачалося спачатку досыць сціплае, а потым выбуховае ўжыванне мазаікі. А з ёй і стварэнне ўсей інфраструктуры і лагістыкі – будаўніцтва заводаў па вырабе смальты, каляровага шкла, распрацоўка новых матэрыялаў, перавозка, адкрыццё новых факультэтаў у Акадэміях мастацтваў, адукацыя спецыялістаў, адкрыццё майстэрняў і ўдакладненне сістэмы замоваў.
Часопісы «Дэкаратыўнае мастацтва СССР» і «Савецкае манументальнае мастацтва» сталі пляцоўкамі для тэарэтычнага аналізу і дыскусіяў пра ўзаемадзеянне архітэктуры і манументальнага мастацтва. І яшчэ мне падаецца, што тагачаснае ўзнікненне мазаік і іншых відаў манументальнага мастацтва звязанае з такой асаблівай ідэяй сацыяльнай дзяржавы: калі ўжо яна адукоўвае мастакоў, то павінна і даць ім працу. Думка, неймаверная і немагчымая сёння з цяперашнім свабодным рынкам крэатыўных прафесіяў. І неверагодныя затраты на эстэтычнае добраўпарадкаванне навакольнага асяроддзя, з якімі ніколі не параўняюцца затраты ў пару працэнтаў, якія сёння прыватныя забудоўшчыкі павінны інвеставаць у ўпрыгожванне агульнай прасторы.
«Касманаўт – такая ж прафесія, як і рабочы, інжынер ці земляроб»
– Якія будынкі аздаблялі мазаікамі, іншымі відамі манументальнага мастацтва?
– У першую чаргу, усе тыя, што насілі ўнікальны характар – ці з пункту гледжання самой архітэктуры (асаблівыя праекты), ці яе ролі ў гарадской прасторы, ці значэння функцыі будынка: публічныя ўстановы, адміністратыўныя будынкі, навукова-праектныя інстытуты, жылыя дамы.
Але не толькі – і жылыя шматкватэрнікі, якія ніяк не з’яўляліся кампазіцыйнай дамінантай, і просценькія аб’ёмы прамысловых забудоваў маглі атрымаць мазаікі. Дарэчы, не ва ўсіх саюзных рэспубліках рабілі стаўку менавіта на мазаіку. Яе шмат у Украіне, Узбекістане, Грузіі і практычна няма ў балтыйскіх рэспубліках. Беларускі Наваполацк пачалі будаваць толькі ў канцы 1950-х гг як горад пры нафтаперапрацоўчым камбінаце. Пад’езды жылых (і, на першы погляд, асабліва нічым не прыметных) новабудоўляў упрыгожвалі мазаікамі.
Як вядома, у Савецкім саюзе ажыццяўлялася палітыка індустрыялізацыі саюзных рэспублік. Грузія ператварылася за час СССР з аграрнай прасторы ў высока прамысловую дзяржаву. Па статыстыцы, на пачатку 1990х гадоў там існавала больш за 1200 прамысловых прадпрыемстваў. І гэта былі будынкі з вялізнымі вонкавымі прасторамі, для якіх самі кіраўнікі нярэдка замаўлялі мазаікі. Ніні Палавандзішвілі, тбіліская даследчыца мазаікі, шмат праехала сама і з калегамі па краіне і знайшла мноства ўнікальных твораў менавіта ў глыбінцы, на фасадах былых прадпрыемстваў. І амаль усюды трэба канстатаваць: «былая фабрыка«, «былы завод», якія цяпер у большасці не працуюць, стаяць закінутыя, і мазаікі на іх знаходзяцца ў жахлівым стане.
– Што пераважна выяўлялі на мазаіках у савецкіх/сацыялістычных краінах?
– Залежала ад краіны, і было вельмі шмат абсалютна неверагодных і ўнікальных сюжэтаў, вольнай інтэрпрэтацыі канона і тэхнічнага выканання. Але так, быў і нейкі абавязковы тэматычны набор: збудаванне светлай будучыні, у прамым і пераносным сэнсе; людзі, якія яе ствараюць; іх працоўныя будні і здаровы, асэнсаваны вольны час. Сярод іх касманаўт – такая ж прафесія, як і рабочы, інжынер ці земляроб. Прабачце – касманаўтка, інжынерка і рабочая, бо іканаграфія мазаік падкрэслівала, канешне ж, сацыялістычную самавідавочнасць – роўнасць мужчын і жанчын (смяецца). Па мазаіках 1970-1980-х гадоў добра відаць, што ў ідэалогіі і грамадстве змянілася канцэпцыя геройства, герой гэтага часу ўжо яскрава адрозніваецца ад сталінскага. Гэта ўжо не звышчалавек, а сціплы, рашучы і мэтанакіраваны выканаўца сваёй справы. Таксама дастаткова распаўсюджаныя матывы мазаік – лакальныя традыцыі, нацыянальныя асаблівасці і фальклор. Мяне асабліва захапляе, як міфалагічныя і хрысціянскія персанажы, сімвалы і сюжэты ўвайшлі ў рэпертуар савецкай і сацыялістычнай мазаікі і пераасэнсоўваліся іх стваральнікамі.
На прыкладзе грузінскай мазаікі відаць, наколькі неаднастайнай была савецкая сістэма ў залежнасці ад рэгіёну. Мазаікі ў Грузіі часта ўражваюць сваёй сваявольнасцю і непаўторнымі сюжэтамі. Узяць, напрыклад, мазаіку на былым палацы культуры прафсаюзаў (сёння цэнтр прафсаюзаў) у Тбілісі (мастак Зураб Цэрэтэлі). Сярод багатага ландшафту дзіўных кветак мы бачым сіметрычных зайцаў-блізнятаў з лапамі цюленяў, якія выглядаюць нібы цяжарнымі нейкімі маленькімі істотамі. Паміж імі паўстае чалавечая постаць, якая трымае гарачае сонца. І назва гэтай мазаікі: «Чалавек, праца, сэнс і прыгажосць светабудовы« (смяецца – рэд.). Я ўжо пісала ў адным эсэ пра тбіліскія мазаікі, што іх спецыфіка, можа быць, тлумачыцца размытасцю ідэалогіі апошніх гадоў застою і паяўленню розных магчымасцяў для шчылін і ухіленняў. Адны – замоўцы – рабілі выгляд, што з усей сур’ёзнасцю падыходзяць да манументальнай прапаганды. Другія – мастакі – рабілі выгляд, што паважаюць каноны агітацыі і адпаведны парадак і карысталіся адступленнем ад правіл, рамкі якіх былі ўсё менш выразнымі.
– Ці была ў мазаікі яшчэ нейкая функцыя акрамя дэкаратыўнай і агітацыйнай?
– Спецыялізаваная літаратура па архітэктуры і будаўніцтву савецкага часу змяшчала мноства інфармацыі па планіроўцы жылых і грамадскіх памяшканняў. На рускую мову перакладаліся замежныя выданні, якія адлюстроўвалі перспектывы развіцця заходняй архітэктуры. Прафесіяналы падкрэслівалі важнасць мыслення не толькі ў межах канкрэтнага будынка, але і ў катэгорыях архітэктурна-прасторавых збудаванняў у цэлым. На мазаікі ўскладалі розныя функцыі, якія і былі рэалізаваны ў залежнасці ад майстэрства болей ці меней пераканаўча. Мазаічныя пано зліваюцца з архітэктурай і вызначаюць яе аб’ёмы, яны падкрэсліваюць структуру абʼекта і сегментацыю фасада. Акрамя таго, яны адлюстроўваюць прызначэнне будынка. Калі вярнуцца к тбіліскаму цэнтру прафсаюзаў, то сам будынак ўяўляе сабой масіўны выцягнуты трохпавярховы прамавугольнік. На яго даху ўзвышаецца куб, размешчаны да таго ж не сіметрычна. Мазаіка на кубе была створана адмыслова для яго і дапамагла функцыянальна ўдаламу, але кампазіцыйна праблематычнаму будынку ўпісацца ў гарадскую прастору.
«Мазаікі – сведкі эпохі, яе грамадскіх каштоўнасцяў і культуры»
– А як мы можам сёння асэнсоўваць, пераасэнсоўваць і каментаваць савецкую, сацыялістычную спадчыну?
– Разумець, што мазаіка – гэта скарбніца ведаў пра эпоху і яе грамадства, якіх ужо ніколі не будзе, а гэта ўжо падстава для захавання. Больш ніколі не будзе такога горадабудаўніцтва і такога праектавання, якое аўтаматычна разумела стварэнне манументальнага мастацтва. Ніколі не будзе сацыяльнай сістэмы, калі мастакі атрымлівалі замовы ад дзяржавы на мазаікі і маглі рэалізоўваць вялікія праекты ў публічнай прасторы. І нават тэхнікі мазаікі неўзабаве не стане – гэтае майстэрства сыходзіць, усё менш людзей навучаюцца таму, як стварыць шматметровае мазаічнае пано. Знік і ўвесь вытворчы ланцуг мазаік. Чытаць мазаіку сёння – гэта адначасова трымаць у галаве ўсе акалічнасці яе стварэння – умовы распрацоўкі і вытворчасці, іканаграфію і стыль, але таксама грамадскія каштоўнасці і семантыку культуры той пары. І гэтыя акалічнасці можна растлумачыць, візуалізаваць і зрабіць іх кантэкстуалізацыю. Міжнароднага вопыту хоць адбаўляй, сучаснае мастацтва тут вельмі можа паспрыяць.
Пэраасэнсаваць мазаіку трэба ў працэсе агульнага пераасэнсавання нашага мінулага, гістарычнай спадчыны, якая не абмяжоўваецца ВКЛ. Я назіраю, што многія беларусы любяць менавіта гэты перыяд, але не прымаюць таго, што было створана ў савецкі час. А ён таксама важны для нашай гістарычнай памяці, і проста выкінуць яго нельга.
Хэпі-энд для «Адзінства рабочага класа»?
– Чым сёння для нас могуць быць актуальнымі мазаікі савецкіх часоў?
– Мары пра эгалітарызм, дыскурсы сацыяльнай справядлівасці і (жаночай) эмансіпацыі не страцілі сваёй актуальнасці і дагэтуль. Толькі адносна нядаўна ў культурным полі Нямеччыны, напрыклад, пачалі абмяркоўваюць праблему «класізма», ідуць дыскусіі, як рознае сацыяльнае паходжанне і адукацыя ўплываюць на станаўленне чалавека і ягоную кар’еру. А чым дрэнна ідэя роўнасці, жаданне міру ва ўсім міры? Ну а тэмы сяброўства, сям’і, спорта, навукі, тэхнікі, заняткі адукацыяй і мастацтвам у вольны час увогуле вечныя. Сюжэт і іканаграфія большасці з мазаічных твораў – акрамя савецкага культу асобаў – ніяк не канфліктуюць з пытаннямі, якія ставіць перад сабой грамадства сёння.
– Што цяпер адбываецца ў Нямеччыне з мазаікамі ГДР?
– Па-рознаму. Ёсць гісторыі хэпі-энду, калі і архітэктурны комплекс, і вонкавыя мазаікі былі ўзяты пад ахову дзяржавы. Прыемна, калі гэта адбываецца і ў цэнтры, і на гарадскім ускрайку.
Яшчэ з пазітыўных момантаў – адзін заходнянямецкі фонд распачаў адносна нядаўна праграму «Манументальнае мастацтва ГДР». У рамках гэтай праграмы былі адноўлены мазаікі ў Берліне, Эрфурце, Хале. Яны, дарэчы, стопрацэнтна з’яўляюцца, калі хочаце, ідэалагічнымі дзецьмі свайго часу – тут табе і працоўны клас, і космас, і новы чалавек, і Карл Маркс. Але адначасова гэта мазаікі высокай мастацкай якасці, удалы прыклад сінтэзу архітэктуры і мастацтва і гістарычны дакумент часу.
Ёсць таксама прыватныя асобы, бізнес, якія прымаюць удзел у захаванні мазаік. Часам гэта добра, а часам не вельмі. Ёсць прыклады, калі будынак зруйнавалі, але мазаікі акуратна знялі, адрэстаўравалі і вярнулі ўжо ў іншую прастору – новы будынак, які быў узведзены на месцы старога, гэта прыклад банка Sächsischen Aufbaubank у Лейпцыгу. З аднаго боку гэта добрая гісторыя, што мазаічныя рэльефы захавалі, адрэстаўравалі, але з іншага боку – цяпер яны стаяць у фае на панэлях, не ўпісаныя ў архітэктуру будынку, як гэта было раней.
А ёсць выпадкі, калі адрэстаўраваныя мазаікі ці элементы дэкаратыўнага мастацтва на будынках недаступныя шырокай публіцы, бо знаходзяцца ў прыватнай уласнасці тых самых прадпрымальнікаў, якія гэтую спадчыну і аднаўляюць, але не публічаць яе.
– А як можна паўплываць на іх, зрабіць творы мастацтва даступнымі? І ці можна прыцягнуць да адказнасці, калі мазаіка на прыватным будынку будзе знішчана?
– Па сутнасці, уласнікі могуць як захаваць твор мастацтва, так і знішчыць яго, і інструментаў уплыву не так шмат і яны вельмі складаныя. У Нямеччыне вельмі моцнае права прыватнай уласнасці. Таму і паўстаюць актывісцкія арганізацыі, якія змагаюцца за наданне архітэктуры і манументальнаму мастацтву сацыялістычнага перыяду статусу культурных каштоўнасцяў. У такім выпадку з’явіцца шанец абараніць больш тых жа мазаік і зрабіць іх даступнымі для грамадства.
Ёсць і зусім сумныя гісторыі, калі мазаікі знаходзяцца ў структурна слабых рэгіёнах, маленькіх гарадах з высокім узроўнем беспрацоўя, адкуль з’язджае моладзь. Там у гарадскіх адміністрацыяў няма ні сродкаў, ні людзей для захавання мазаік, у выніку яны самі руйнуюцца, гэтак жа, як і ў рэгіёнах Беларусі.
– Магчыма, вы ведаеце таксама пра сітуацыю з манументальным мастацтвам, мазаікамі ў іншых краінах Заходняй Еўропы?
– У Заходняй Еўропе некалі цікавасць да мазаік узнікла са з’яўленнем стылю ар-нуво на рубяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Тады мазаік стваралася даволі шмат. Новыя з’яўляліся таксама пасля Другой сусветнай вайны, у 1950-х гадах – гэта была своеасаблівая адсылка да ар-нуво. Асобая гісторыя панавала ў Вене, дзе і да Другой сусветнай вайны і пасля яе шмат будавалі сацыяльнага жытла і замаўлялі мастакам дэкарацыі фасадаў, такая вось падтрымка мастакоў і мастачак ад сацыял-дэмакратаў. Гэта праграма падтрымкі скончылася на пачатку 1970х гадоў, калі неверагодна ўзляцелі цэны на зямлю, а з ёй і мазаікі на фасадах венскіх жылых забудоваў.
Ды і ў другіх краінах Заходняй Еўропы з сярэдзіны 1970-х гадоў новых мазаік на будынках амаль не было. Адзіночныя мазаічныя пано, як правіла, з керамікі, не смальты – выключэнне. У той жа час у Савецкім Саюзе і сацыялістычных краінах пачынаўся іх росквіт. Вялікія мазаічныя пано ў публічнай прасторы і аб’яднанне архітэктуры і манументальнага мастацтва – гэта асаблівасць сацыялістычнага мадэрнізму і ўнікальная з’ява ў сусветным мастацтве і архітэктуры. Таму – досыць знішчаць савецкія мазаікі.